Справа, актуальная ва ўсе часы

<< вернуться на страницу АБИТУРИЕНТУ

Калі весці гаворку пра Гомельскі каледж чыгуначнага транспарту, то нельга абысці яго гісторыю. Па-першае, гэта найстарэйшая навучальная ўстанова нашай краіны, а сярод сярэдніх тэхнічных такім сур’ёзным узростам не можа пахваліцца ні адна іншая ўстанова адукацыі на ўсёй прасторы СНД. А па-другое, гісторыя гэтага каледжа сапраўды ўнікальная.

Ад царскіх часоў

136 гадоў назад, у далёкім 1878 годзе, у горадзе над Сожам было адкрыта Гомельскае чыгуначнае тэхнічнае вучылішча. А звязана гэтая падзея з будаўніцтвам Лібава-Роменскай чыгункі. Калі была пабудавана частка дарогі, што злучала ўкраінскі горад Ромны з прыбалтыйскім портам Лібава, паўстала пытанне аб падрыхтоўцы кваліфікаваных спецыялістаў, якія будуць забяспечваць добрую работу чыгункі. Тады і было вырашана заснаваць на дарозе тры тэхнічныя чыгуначныя вучылішчы, месца аднаго з якіх было ў Гомелі.
У год адкрыцця вучылішча тут прыступілі да вучобы больш як 150 чалавек. Падыход да навучання быў вельмі сур’ёзны. Навучанне падзялялася на класнае, якое доўжылася тры гады, і стажыроўку. Цікава, што амаль палова заняткаў праходзіла ў вучэбных майстэрнях, дзе навучэнцы асвойвалі сталярныя, такарныя, паяльныя работы, кавальскае і цяслярскае рамяство і іншыя “жыццёвыя” ўменні.

Пасля заканчэння трохгадовага курса навучання вучням выдавалі пасведчанні, і яны накіроўваліся на двухгадовую стажыроўку. Толькі пасля праходжання стажыроўкі і атрымання пасведчання аб здавальняючым выкананні абавязкаў слесара і памочніка машыніста, абароны справаздачы педагагічным саветам вучылішча прысуджаліся атэстаты аб заканчэнні поўнага курса навучання. Многія навучэнцы, дарэчы, так і не атрымалі атэстат, бо не змаглі прайсці стажыроўку.
Першы выпуск спецыялістаў адбыўся ў 1881 годзе, вучылішча скончылі 11 чалавек. Атэстат за першым нумарам атрымаў Мікалай Канстанцінавіч Жывапісцаў, купецкі сын, ураджэнец Гомеля. Сярод першых выпускнікоў былі дзеці не толькі з заможных сем’яў, але і з сялян.

У нагу з тэхнічным прагрэсам

За шматгадовую гісторыю Гомельскі каледж чыгуначнага транспарту назапасіў каштоўны вопыт па навучанні і выхаванні тэхнікаў і рабочых. Больш за 28 тысяч спецыялістаў выйшла са сцен тэхнікума-каледжа. Шматлікія пакаленні выпускнікоў аддалі свой талент, веды і самаадданую працу на карысць Беларускай чыгункі. Сярод іх нямала тых, кім каледж па праву ганарыцца. Гэта першая жанчына-машыніст лакаматыва Герой Сацыялістычнай Працы А.М.Чухнюк, віцэ-прэзідэнт галоўны інжынер РАТ “Расійскія чыгункі” В.А.Гапановіч. прарэктар па вучэбнай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Ю.Г.Самадум, начальнік Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі П.М.Чванькоў, прэзідэнт Бранскага філіяла Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта шляхоў зносін П.І.Кавалёў, намеснік начальніка Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі І.І.Грыбанаў, начальнік вакзала станцыі Гомель В.В.Сушчынскі.
У каледжы створана добра арганізаваная, разгалінаваная, магутная па ахопе навучэнцаў сістэма падрыхтоўкі кадраў сярэдняга звяна (8 спецыялізацый) і кваліфікаваных рабочых (2 спецыялізацыі), якая ў цэлым забяспечвае высокую якасць навучання і выхавання. Зараз на дзённым і завочным аддзяленнях вучацца 1280 юнакоў і дзяўчат. Яны атрымліваюць веды па пяці спецыяльнасцях: “Тэхнічная эксплуатацыя і рамонт рухомага саставу чыгуначнага транспарту”, “Арганізацыя перавозак на чыгуначным транспарце, электразабеспячэнне на чыгуначным транспарце”, “Камерцыйная дзейнасць”, “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль”.
Развіццё каледжа залежыць ад змен характару работы і патрэб у высокакваліфікаванай працоўнай сіле, выкліканых укараненнем на транспарце дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу. Мяняецца структура падрыхтоўкі кадраў, адкрываюцца новыя ўзроўні і спецыяльнасці. Разам з тым у кадеджы беражліва ставяцца да традыцый, закладзеных яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя.
— Мы не проста маем доўгую гісторыю, мы таксама атрымалі багатую спадчыну, — расказвае намеснік дырэктара каледжа Алена Уладзіміраўна Удодава. — У дарэвалюцыйнай і савецкай сістэмах падрыхтоўкі кадраў ёсць шмат каштоўнага, ад чаго нельга адмаўляцца, нягледзячы на змены часу. Асноўнае, што мы ўзялі для сябе ў гэтым сэнсе, — скіраванасць на павышэнне не толькі тэхнічнага ўзроўню спецыялістаў чыгуначнага транспарту, але і іх агульнаадукацыйнага, культурнага ўзроўню.
Безумоўна, за кожным вынікам у рабоце каледжа стаіць педагагічны калектыў. Вопытныя выкладчыкі ведаюць, што іх абавязак — падрыхтаваць канкурэнтаздольнага спецыяліста, які будзе запатрабаваны на рынку працы. Гэта значыць, кожны выпускнік павінен валодаць камунікатыўнымі здольнасцямі і прафесійнай мабільнасцю ва ўмовах змен сучаснага жыцця і мець матывацыю да прафесійнага росту. А дасягаецца гэта ў цесным спалучэнні ведаў і мудрасці вопытных педагогаў з энергіяй і творчым патэнцыялам моладзі.
Цікавасць да заняткаў у юнакоў і дзяўчат сёння выклікаецца не толькі змястоўнымі лекцыямі. Для іх, дзяцей веку нястрымнага прагрэсу і дзіўных тэхналагічных распрацовах, не менш важным з’яўляецца тэхнічны бок. І гэта кіраўніцтва каледжа ўлічвае абавязкова.
За апошнія некалькі гадоў тут істотна абнавілі матэрыяльную базу. Тэарэтычныя і практычныя заняткі вядуцца ў вучэбных кабінетах і лабараторыях, якія абсталяваны сучаснымі сродкамі навучання. Так, напрыклад, за кошт спонсарскай дапамогі і інавацыйнага фонду Беларускай чыгункі матэрыяльная база каледжа папоўнілася двума лінгафоннымі кабінетамі, больш чым дваццаццю інтэрактыўнымі дошкамі і мультымедыйнымі ўстаноўкамі, камп’ютарамі, станкамі для вучэбна-вытворчых майстэрань. Набыта і спецыяльнае абсталяванне: віхратокавыя дэфектаскопы “Вектар”, прыборы “Тангенс” і “Аід”, трэнажорныя комплексы для машыніста цеплавоза і для машыніста электравоза.
Яшчэ адзін прыярытэтны напрамак — супрацоўніцтва з іншымі ўстановамі адукацыі, як беларускімі, так і замежнымі.
— Такое ўзаемадзеянне дае магчымасць пераймаць лепшы перадавы вопыт і дзяліцца сваімі напрацоўкамі, заяўляць аб сабе, — гаворыць Алена Уладзіміраўна. — Вось чаму мы пастаянна ўзмацняем і развіваем нашы сяброўскія сувязі з навучальнымі ўстановамі чыгуначнага транспарту Расіі (з Санкт-Пецярбурга, Петразаводска, Вялікіх Лукаў, Бранска), маем цесную сувязь з Адэскім тэхнікумам чыгуначнага транспарту. Акрамя таго, наш каледж супрацоўнічае з дзесяццю ўстановамі вышэйшай адукацыі Беларусі ў падрыхтоўцы спецыялістаў па праграме бесперапыннай адукацыі.

Выхаваць прафесіянала і чалавека

Бясспрэчна, установа з такой гісторыяй і спадчынай мае традыцыі і ў выхаваўчай рабоце. Галоўная мэта — выпусціць са сцен каледжа не проста прафесіянала, а чалавека з высокімі духоўна-маральнымі каштоўнасцямі, правільным грамадзянска-патрыятычным стаўленнем. А таму навучэнцы актыўна далучаюцца да сацыяльна-значнай і культурнай дзейнасці. У каледжы паспяхова развіваецца пярвічная арганізацыя БРСМ і працуе прафсаюзная арганізацыя навучэнцаў, якая займаецца сацыяльнай абаронай моладзі: пры неабходнасці аказвае матэрыяльную дапамогу, клапоціцца аб аздараўленні і прызначае прафсаюзныя стыпендыі навучэнцам-платнікам.
Быць актыўнымі — вось дэвіз навучэнцаў каледжа. У іх хапае часу як на вучобу, так і на культурна-масавыя мерапрыемствы. Юнакі і дзяўчаты ўдзельнічаюць у розных акцыях, канцэртах, інтэлектуальных і спартыўных спаборніцтвах. Гонарам каледжа з’яўляецца тэатральная студыя “Ветразь”, якая носіць званне народнага тэатральнага калектыву, і калектывы мастацкай самадзейнасці — неаднаразовыя дыпламанты і лаўрэаты розных фестываляў.
Паспяхова развіваецца студатрадаўскі рух, што стварае ўмовы для эфектыўнага ўдзелу моладзі ў сацыяльна-эканамічным жыцці краіны. Ужо добра вядомы ў рэгіёне сельскагаспадарчы атрад каледжа “Чыгуначнік”, неаднаразовы пераможца абласнога конкурсу на лепшы студэнцкі атрад, што працуе ў Расійскай Федэрацыі. Многія ветэраны вайны і працы і проста адзінокія сталыя людзі Гомеля ведаюць юнакоў і дзяўчат з валанцёрскага атрада каледжа “Мізерыкардыя”, якія заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу.
Яшчэ адзін важны напрамак дабрачыннасці — фарміраванне здаровага ладу жыцця. У каледжы ўдзяляецца вялікая ўвага заняткам фізічнай культурай і спортам. Зборныя каманды гэтай навучальнай установы паспяхова выступаюць на гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. У Гомельскім каледжы чыгуначнага транспарту вучыліся заслужаны майстар спорту бронзавы прызёр ХХII Алімпійскіх гульняў Мікалай Кіраў, рэкардсмен свету па парашутным спорце Генадзь Баранаў, бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы па армрэстлінгу Алег Атлыгін. Зараз тут вучыцца чэмпіён Еўропы па футзале Сяргей Шапавалаў.
— Добрае імя і слава нашага каледжа — у практычных справах нашых выхаванцаў, — з гордасцю адзначае А.У.Удодава. — Мы з аптымізмам глядзім у будучыню, бо ўпэўнены, што навучэнцы і выпускнікі апраўдаюць нашы надзеі і рэалізуюць свой патэнцыял на карысць краіны.

Наталля ЛУТЧАНКА (сноска из «Настаўніцкай газеты»)

Яндекс.Метрика